Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Не прасьпі…

Сьпі, дзяўчына, покуль сонцэ
Не зайграло над хацінай;
А як сонцэ на ваконцэ
Блескі кіне—ўстань, дзяўчына!
Ўстань, зніміся, схамяніся,
Ўмыйся сочнаю расою,
Сэрцам к сонцу прытуліся,
Ветру дай гуляць с касою!
Ў сонцы війся далей, выжэй,—
Паланей, красуй дзянінай,
Не пужаючыся крыжа,
Сонцу роўная дзяўчына!
Заіскрыся кветкай белай
На зялёнай сенажаці;
Кінь патолю думцы сьмелай,
Пасмы радасьці снаваці…
Негаданай песьняй-казкай
Разыграецца часіна…
З сонцам, з сэрцам, з вечнай ласкай
Не прасьпі вясны, дзяўчына!..



Як у лесе зацьвіталі.

Як у лесе зацьвіталі
Ліпа ды каліна,—
Залатые сны снавалі
Мы с табой, дзяўчына.
Калыхаліся, шумелі
Вольные бярозы,
Шэпацелі, шэлясьцелі
Трысьнягі ды лозы.

*