Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як у жыце наліліся
Каласкі нагінна,—
Сустрэліся, абняліся
Мы с табой, дзяўчына.
Мігацелі, зігацелі
У пракосах косы,
Заміралі кветкі, зельле,
Заміралі росы.

*

Як дасьпела, шчырванела
Ягада—рабіна,—
Ўвакруг глянулі нясьмела
Мы с табой, дзяўчына.
Верасы пад лісьцям спалі,
Бор зялёны гнуўся,
Недзе пелі ў цёмнай далі
Журавы ды гусі…

|}



Песьня.

Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй;
Выйдзі, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці.

Хвілямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
Час нам праходзіці будзе;
Бачыці будуць зоры і месяц,
Бачыць ня будуць нас людзі.

Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
Ліпкі шумеці, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
Буду—слугой, ты—царыцай.

Радасьцю, ўцехамі пад ліпак стрэхамі
Будзе нам доля ў ноч гэту,
Сэрцавы струны ўдарым каханнем
На зайздрасьць цэламу сьвету.