Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/262

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ці любіш дом? ад’жыўчы пах
Пракосных зёл, насьпелых ніў,
І ружы цвет, што ў кальчуках
Сваю прыгожэсьць засяліў.

Ці любіш дом? свой родны дом,
Што гул жывых сасон вярхоў
І духаў стогн, і віхраў хор
Пералівае ў тваю кроў.

Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў часе бур, плакучых хмар,
Калі ў душу ударыць гром,
Нясе прытульны думкам чар.

Раз любіш ты, і ўсей душой
Пад гэтай хочэш жыць страхой,
Кут бацькаў сэрцэм сьцеражы,
І сэрцэ ў ім на век злажы.

|}



Тры пары́ дня.

Прыдзе сьвітанне да маей хаткі
І разбуджаць мяне стане:
«Гэй! бяры коску; глянь! там на ўсходзе
Сонейка скора прагляне.»
Дзе ты, сермяга? Пот яшчэ значэн:
Ночкай ня высах Пятровай.
Дзе мая коска? дзе баяўніца:
Час нам на луг за дуброву.
Прыдзе палудня да маей хаткі,
Ка мне патсядзе на лаву,
І так глядзіць там, як мае дзеткі
Жывюцца поснаю стравай.
І лусту хлеба чорнага ломе,
Рукі чагосьці трасуцца,
А што кусочэк возьме, аткусе—
Сьлёзы цурком паліюцца.