Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І ў тым золаце—прамені,
Што ад коскі адабьецца.
Скарб ты выарыш багаты
З нівы гэтай зааранай:
І таляры, і дукаты,
Толькі-ж не сабе, а пану.
А шлюб возьмеш ты с царыцай,
Што жыццё усё с табою
Не захочэ разлучыцца…
Ой, возьмеш ты шлюб з бядою.
Днём нашле сон, ночкай збудзе,
Сцерагчы будзе парога;
Ані з ёй табе у людзі,
Ані з ёй табе да Бога!
Як вясною ўсходзюць кветкі,
Падымающа хмурліва,—
Укалышэ твае дзеткі
Песьней голаду сьлязлівай.
Жджэ цябе дарога з ёю,
Ў доўж і ў шыр саўсім малая,
А ў зямлю глыбей за тое,
А ў гару—аж зор хватае,
Па ёй будуць цябе весьці
Твае волікі сівые
І званы аж вежай трэсьці
На магілкі на старые.

|}



Родны дом.

Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў ночку—летавай парой—
Шэптанем ліп варожыць сном,
Сьлязу солодзіць цішынёй.

Ці любіш дом? сваю страху?
Што многа лет гняце ў маху
Крывых варот нізкі парог,
Што ласкай сьцеліцца да ног.