Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Стуль выходзілі ветры і шум падымалі,
Туды з неба валіліся зоры,
Там адны уставалі, другіе дрэмалі,
Сьмерць, жыцьцё свае мелі запоры.
З зор сатканы былі недасяжные сьцены,
Росы ў нізе ірдзелі яскрава,
А на вышках, як сон на зямлі, пераменны
Залаты месяц радасна плаваў.
Залацісты пасад красаваўся ў сталіцы,
Зіхацела ў ім кожна часьціна,—
На пасадзе сядзела, сьвет-ночка—царыца…
Звалі тые і сіе Судзьбінай.
Векавечна ў руцэ аднэй сонцэ трымала,
Пяруны у другой руцэ мела:
Іншы раз ціхім сонцэм зямлю абнімала,
Іншы раз пярунамі шумела.
Патрэсала пасады, скідала кароны;
Тым, другім была каменем-хлебам,
Выдавала народам старые законы,
Кіравала зямлёю і небам.
Не адзін аб ёй ведаў і разам ня ведаў,
Чуў, ня чуў аб ёй, бачыў, не бачыў,
Кожны толькі яе патпільновываў сьледу,
Плакаў, выў, як было што іначэй.
Весьці толькі ішлі, як туманы, і вялі
Ў самасейным паходзе сталецій,
Што пранікнуць яна можэ ў тайные далі
І аткрыць сьветы новые ў сьвеце.
Гэткай паней ясьнела у хораме зорным
Царэўладнай і разам неўладнай;
Белым шляхам адных, а другіх шляхам чорным
К царству, к рабству вела безпраглядна.
Тры браты, што пуці чараўнік тры адмерыў,
Захацелі знаць, хто ім што зрэпіў,—
Захацелі ў Судзьбіны даведацца меры,
Як жыць лепей, памерці як лепей.

IV.

Трох братоў, сваей кожны дарогай-пуцінай
Наблудзіўшыся, выхад спаткалі: