Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзе ня ступе—згібаюцца краскі і травы,
І пракляцьце шуміць безкарысна.
Ён і рад, і не рад, а пуцьця меней што-дзень
На тэй выбранай сьцежцэ, і ные;
Ўжо адны ў вочы кідаюць—здраднік, звыродзень,
На пагібель, на звод шлюць другіе.
Не сыходзе са шлаху свайго і другі сын—
Чуць ня йдзе сьледам першаго брата:
Ўжо на згубу з зямлёю і с хатай запісан,
І ўсё-ж долі завідуе ката.
Заседаць, панаваць на хватаным багацьці
Не кідае за дзьверы надзеі,
Хоць мінула даўно яго сьвята па сьвяце,
Хоць пасад свой на выдмах разьвеіў.
Загубіў сваю скуру, чужая-ж ня цешэ
Абадранай душы ў павуціне;
Проць сваіх, проць чужых крывадушэ і грэшэ,
І так вязьне, як камень у ціне.
Трэці, смоўжам прыліпшы да трэцяй пуціны,
Чэзьне чэрвем на службе ў напасьці:
Уздыхае, чэкае збаўленьчай дзяніны,
Не дае, што не мае, раскрасьці.
С кволых ніў палыны быццам зводзе, ня зводзе,
Часам косьці зачэпе нарогам;
Дома дрэме, сьцікаецца стульна, як злодзей;
Бье падданьчы паклон за парогам.
А сваяк і чужак строіць петлі і сеці,
Аплетае ўсё віднае ночай,
Зварухнуцца ня сьмее ў заплесьнеўшай клеці,
На браточкаў зубамі скрыгочэ.
Так расьце недавольства ў сыноў чарадзея —
Ў іх саміх і на іх, на ўсім сьвеце;
С ходу-выхаду выйці адна ў іх надзея:
Каб саміх адалеці і сьвет адалеці.

III.

Ні далёка, ні блізка, ні ў полі, ні ў лесе
Важны ўзносіўся хорам-сталіца,
Чэрнабожнік над ім непрагляды завесіў,
Каб нялёгка было прыступіцца.