Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/234

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ім саветы далі на заўсёды ў Судьзбіны,
Як трымацца саветаў, сказалі.
Першы брат ад яе меў наказ незабыты:
— Не здарма быць хацеў царам ночы,
І сваіх, і чужых расьпінаў на крыжы ты;
Крыудай праўдзе сьмеяўся у вочы.
Бачыш зоры і сонцэ вясёлае бачыш?
З імі рвіся ўсім сэрцэм зраўняцца,
А як сьлед свой зарнічным сьвятлом абазначыш,—
За табой кінуць зморы ганяцца.
Хочэш цішы прытульнай і ласкі патольнай,
Збудаваць Божы быт на пакутах,—
Дай другім волю ў волю, і сам будзеш вольны,
Не дасі—с сьвету сойдзеш у путах.
Брат другі яе выслухаў мудрые рэчы:
— Не туды цэлы век пёрся з дуру;
На быдлячы меняў воблік свой челавечы,
Каб напяці гладзейшую скуру.
Хто пакінуў свой дом на пасьмешышчэ нетрам,
Дом чужы таму будзе вастрогам;
Хто паклоны біць стаў з боку злыбедным ветрам,
Свой пасад таму стане бярлогам.
Вызнай, кім цябе бацька на сьвеце пакінуў,—
Станься тым, ды йдзі к меньшаму брату…
Не прыслужнем будзь ласцэ прыблуднаго сына,
Будзь пракляцьцем яму—свайму кату.
Трэці брат ад Судзьбіны наказ пераслухаў:
— Сну-траве ты занадта даў веры,
І ў сябе шанаваць чэлавечага духа
Не сумеў навучыць брата-зьвера.
Ўспомні, выклічы родные ўсе загаворы
І зводзь імі прыблудаў заломы,
Што ляглі на твае крывасейна разоры,
Што стрэчаешь за домам і дома.
Схову новую строй, больш твае скуль прыпасы-б
Не валок зводны зьмей і начніцы;
Разбудзі сам сябе і той бацькавы насып,
Што пагане нага чужаніцы.