Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

«Будуць глядзець на спакойнасьць тваю,
«Будуць табой уцешацца!»
Гэтак над сонным завея пяе,
Гэтак яго калыхала
І, што-ж вы скажэце, людзі мае?
— Сьцёпку на векі прыспала…
................
Збегла па гэтым дзён нешта са тры,
Тры дні—а шмат даказалі:
Ў Сьцёпкавай хаце у двух сталяры
Дзьве дамавіны зьбівалі.
З іх адну зьбілі для костак старых,
Сына ў другую злажылі
І пахавалі па-божаму іх,
Родных, на векі ў магілі.
Сходзіўся ўдоўку пацешыць народ,
Братнім слаўцом ад’зываўся:
«Маеш адзін хоць расход і заход,
«Крыжам адным абышлася!»

|}



Чатыры крыжы.

Як Лявон прашчаўся с хатай,
Як стаў ў сьвет зьбірацца,—
Пакланіўся маме, тату
І Прачыстай Матцэ.
Пакланіўся, памаліўся,
Выплёўся за вёску,
На мяжу, як сноп, зваліўся
Пад крывой бярозкай.
Паліліся самі сьлёзы,
Хоць даўно не плакаў…
Ўстаў, пашоў, як нецьвярозы,
Далей небарака.
Смольлю вецер лез у вочы,
Хмары палівалі;
Пушча страшыла у ночы,
Людзі ў дзень чэпалі…
.............