Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сілы слабелі ад хуткай хадзьбы;
Думкі а сыне шлі сьледам.
Сьцісьне лекарства за пазухай ён,
Шэпчэ малітву да Бога,
І, хоць ня першы раз гэткі нагон,
Крадзецца ў сэрцы трывога:
Што, калі зьняў абрыдны яго блуд?
Як тады выйці у вёску?
— «Сядзь, адпачні!—штось яму шэпчэ тут,—
«Вось дзе, пад гэту бярозку!»
— «Праўда,—падумаў,—пара аддыхнуць,
«Многа прайшоў ты, нябожэ!»
Сеў і мацуецца, каб не заснуць,—
Ведаў, што стацца тут можэ…
Зьвіўся клубочкам і ціха сядзіць;
Лёгкасьць на сэрцы такая…
Толькі мяцеліца вые, шуміць,
Песьні яму напевае:
«Сьпі, мой Сьцепанка, дзіцятка маё,
«Я тут тваею ўжо паней!
«Гэткай пасьцелі ня меў за жыцьцё,
«Ў гэткай — і конь твой, і сані.
«Сына сьпяшыш ты, сьляпы, ратаваць?
«Ну, і на што-ж гэтак рвацца?!
«Лёгка-ж табе было век гараваць,
«З мачыхай-долей змагацца?
«Я ашчасліўлю, мой братка, цябе,
«Ўбачышся бытцам у небе;
«Горэ, беда не падойдзе к табе,
«Думаць ня трэба а хлебе.
«Сьпі! Знаю, крыўды не раз зазнаў ты,
«Братам ня быў меж братамі.
«Я пашкадую цябе, сіраты,
«Буду галубіць сьнегамі…
«Меў-жэ прыпынак ты зносны калі,
«Гонячы быт свой цыганскі?
«Я з гулкай песьняй: «ай, люлі, люлі!»
«Спраўлю начлег табе панскі.
«Скончу я песеньку-байку сваю,
«Зоры пачнуць усьмехацца,