Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Роднае слово.

Рэдакціі, супрацоўнікам, чытачом
і прыхільнікам «Нашае Нівы».
(10/XI 1906—10/XI 1910 г.).

Пад навалай крыўдаў, многіе сталецьця
Мы нясьлі пакорна лямку безпрасьвецьця.
Мы нясьлі—ўсё ныла, гінула памалу,
Аж не нашай наша бацькаўшчына стала.
Не для нас сасонкі нашы зашумелі,
Не для нас пасевы нашы зарунелі;
Адно ты нам, слово, асталося верным,
Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.

*

Каб вясьці нас, як мы век свайго сумлення
Не заклеймавалі помстай, зніштажэннем,—
Мы калі ўміралі, то ішлі на муку
Для чужой карысьці, пад чужой прынукай.
Сеючы-ж і дома і за домам косьці—
Дзе нас гналі нашы леташніе госьці—
Як у пушчы цёмнай, збіліся з дарогі
І здарма чэкалі ад людзей падмогі..

*

Ўсё спаганяць людзі, покі ноч шалее,
Вырвуць веру ў шчасьце, веру і надзею,
Дый таго ня вырвуць, што напела маці
Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.
Ой, ня вырваць с сэрца цябе, нашэ слово!
Ой, не ўзяць ніякім сховам ды аковам,
Як бяруць матулю у малой дзяціны,
Як бяруць у бацькі апошняго сына!

*

Ты зжылося з намі, бацькоўскае слоўцэ,
Як-бы корэнь з дрэвам, як-бы з небам сонцэ;
Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе
У благой і добрай мачысе-прыгодзе.