Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Па грудах, каменнях хадзіла я босай
І кроўю чырвонай дабрыла зямлю;
На шаты мае пагледалі з укоса
І песьню з насьмешкай віталі маю!

З балотам мешалі, пагардай плевалі
Ўсе тые, што вырасьлі нават са мной!
З маім людам згінуць на век мне казалі,
І страшна было мне так жыць сіратой!..

За сошкай, за коскай, с сярпом і ссякерай
Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ;
Заплатай было, што ён часам мне верыў
І думкі снаваў аба мне з году ў год.

Шлі векі. Магіла легла пры магіле,—
Вада змыла наспы, крыжы пагнілі;
Гаротнасьцей зможэны, ў крыўдзе, ў бяссільлі
Там прадзедаў косьці без часу ляглі.

Шлі векі. Хрэст брала народнай сьлязою;
Срэдзь віхраў, і бураў, і холаду зім
З людзкой неразлучны ўзяла шлюб бядою,
І тузаюць мной, як народам маім.

Здушылі мне голас на родных на нівах
Крыж цяжкі упадку з народам несла,
І думаў чужынец, што ўжо я няжыва,
Ня вярце! Жыву, як ад векаў жыла!

Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала!
Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!
Я ўсё перанесла і вышла я с хвалай,
Я сільна, я вечна ў сваей старане!

Прайшло засьляпенне, мінае трывога;
На небе ўжо новая відна зара.
Шырок прада мною гасьцінец-дарога.
Ўжо днее! ўжо днее!—к сваім мне пара!

|}