Перайсці да зместу

Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І мы самі нават мо’ не спазнавалі,
Як у думках нашых цябе гадавалі,
Як цябе хавалі ў шчасьці і нешчасьці
Ад напраснай злосьці, ад людзкой напасьці.

*

Ты ў жыцьці вяло нас с хвалай і нехвалай;
Быў час—свае правы чужым дыхтавало;
І цяпер хто зводна над табой сьмяецца,—
Гэта або вецер, што ў платох трасецца,
Або той сьмяецца, хто ня знаў ніколі
Чэлавечых думак, чэлавечай долі,—
Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна
Замест сэрца—камень, мест душы—дым чорны.

*

Як жыло ты з намі—будзешь вечна жыці,
Грамадой мільёнаў с сьветам гаманіці…
С попелу мінуўшых дзён сьляпых, крывавых
Весела узойдзе рунь сьветлянай славы,
І радзімым словам рукой мазалістай
Беларус упішэ на страніцы чыстай
Кнігі ўсіх народоў важна, ў непрымусе
Сумную аповесьць роднай Беларусі.

|}



«Нашай Ніве».

Са шчырым прыветам яе
пяцілетняй ідэёвай працы для
многамільённаго беларускаго народу.

Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі небо будзе—
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на сьвеце
Вечна не начуе;
Зерне кінутае ў ніву
Ўсходзе ды красуе.
Нашэ зерне—нашы думкі
Не загінуць сьвету,—
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агнецветаў.