Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

V. Сваім і чужым.

Ужо днее…

Пасьвячаю ўсім супрацоўнікам,
чытачом і прыяцелям «Нашае Нівы»
на памятку двухлетняго жыцьця яе
для нясення дабра, праўды і сьвету
забытаму, цёмнаму беларускаму
народу.





З-над сонных вод Нёмна, с-пад хвой Белавежы
Суседзі, суседкі, вітаю я вас!
Блудзіла я доўга па рытвах, па межах,
Аж сьцежку-дарожку знайшла во хоць раз.

Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая,
Якім правам тут перэд вамі стаю,
Дзе дом мой, народ мой,—з якога я краю,—
Паслухайце смутную повесьць маю.

С канца у канец, дзе загнанае слова
Зьвініць беларуса,—ўладанне маё;
Шмат сотняў таму лет у хаце вёсковай
Ўзяла і праводжу сваё я жыцьцё.

С-пад гэтай хаціны па выдмах незнаных
Ганялі, чаго не згубіла, шукаць.
Глядзіце: во рукі і ногі у ранах,
А раны на сэрцы — каму-ж іх паняць?!