Перайсці да зместу

Старонка:Швейк 1.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

плачу вам тысячу дзьвесьці крон, тымчасам, як у мяне ў кішэні няма і поўнае сотні.

— У такім разе вы... — захліпнуўся госьць.

— У такім разе я... — адказаў фэльдкурат.

На гасьцёвым твары зьявілася зноў упартая і злосная міна.

— Васпан, гэта жульніцтва! — сказаў ён, устаючы.

— Супакойцеся, даражэнькі...

— Гэта — жульніцтва! — закрычаў госьць. — Вы скарысталі маю даверлівасьць...

— Васпан, — сказаў фэльдкурат, — вам бязумоўна не пашкодзіць перамена паветра. Тут надта горача. Швэйк! — крыкнуў ён. — Гэтаму пану трэба падыхаць сьвежым паветрам.

— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, — пачулася з кухні, — я яго ўжо раз выкінуў.

— Паўтарыць! — скамандаваў фэльдкурат і каманда была выпаўнена хутка і спрытна.

Вярнуўшыся з ганкаў, Швэйк сказаў:

— Добра, што мы адкараскаліся ад яго пакуль ён ня ўправіўся яшчэ набуяніць... Быў у Малешыцы адзін шынкар, вялікі грамацей, і ў яго на ўсё былі цытаты з сьвятога пісьма. Калі яму даводзілася лупцаваць каго-небудзь бізуном з бычынага жыльля, ён заўсёды прыгава-