Перайсці да зместу

Старонка:Швейк 1.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

як ён казаў, ахвяраваць на касьцёл. А ксёндз, думаючы, што сьвятакрадца прыцягнулі да яго душэўныя згрызоты, паслаў па старасту, а стараста па жандараў, і селянін быў бязьвінна асуджаны за сьвятакрадзтва, бо ён на судзе праз увесь час тлуміў пра цуда. Зямляк хацеў абязьвініцца і ўсё апавядаў пра нейкага анёла, уляпіў туды і матку-боску, а канцы канцамі — запёрлі яго на дзесяць год. Лепш за ўсё, калі вы пойдзеце з намі да тутэйшага ксяндза і пасобіце нам дастаць назад скарбовую маемасьць. Палявы паходны алтар — гэта вам ня кот і не анучка, якую каму-хаця можаш падараваць.

Стары, апранаючыся, калаціўся ўсім целам. У яго зуб на зуб ня лучыў.

— Далі-бог, у мяне нічога благога ня было і ў падумцы. Я думаў, што гэтым боскім дарам здолею дапамагчы аздабленьню нашага беднага храма маткі-боскай на Вршовіцах.

— Разумеецца, за скарбовы кошт? — перапыніў яго Швэйк. — Шчыра дзякую за гэткі боскі дар. Адзін такі Півонька з Хатэбэржы неяк таксама ўлічыў быў за боскі дар чужую вяроўку разам з чужой каровай…

Няшчасны дзед ад гэткіх параўнаньняў