зьбянтэжыўся і зусім перастаў абараняцца, сьпяшаючыся апрануцца і як найхутчэй скончыць гэтую справу.
Вршовіцкі ксёндз яшчэ спаў і, калі яго разбудзілі, грукаючы ў дзьверы, ён пачаў лаяцца, бо спрасоньня падумаў, што яго клічуць на парахвію.
— Дыхнуць не дадуць з гэтымі трэбамі! — бурчэў ён, неахвотна апранаючыся. — Прысьпела ім канечна памерці акурат у той момант, як самы сон у чалавека, а пасьля таргуйся з імі, каб заплацілі.
У пярэднім пакоі адбылася сустрэча паміж прадстаўніком бога сярод Вршовіцкіх парахвіян і прадстаўніком бога пры ваенным ведамстве. Па праўдзе казаць, гэта была спрэчка цывільнага з вайсковым. У той час, як цывільны ксёндз намагаўся на тое, што паходнаму алтару ня месца ў канапе, вайсковы ксёндз супярэчыў, што яму і пагатове ня месца з канапы трапіць у рызьніцу касьцёла, які наведваюць адны цывільныя.
Швэйк устаўляў у гутарку розныя заўвагі накшталт таго, што лёгка ўзбагачваць бедны касьцёл за скарбовы кошт. На слове «бедны» ён рабіў адумыслова-гіронічны націск.
Нарэшце, яны пайшлі ў рызьніцу і ксёндз вы-