Што нам прысьці магло — табе яно прыпала.
Ты абяцаў нам неба, а яно
Табе на плеш сышло сьвятой навалай,
З цябе зрабіўшы месіво адно.
* * *
Швэйк згатаваў знатны грог — грог куды лепшы за грогі старых маракоў. Гэтага грогу з ахвотай пакаштавалі-б і піраты восемнаццатага стагодзьдзя.
Фэльдкурат Отто Кац быў у захапленьні.
— Дзе гэта вы наўчыліся варыць гэткую дзівосную штуку? — запытаўся ён.
— Яшчэ ў тыя гады, як я бадзяўся ў Брэмэне, — адказаў Швэйк, — наўчыў мяне гэта рабіць адзін прапойца-матрос, які заўсёды гаварыў, што грог павінен быць такі моцны, каб матрос, скінуўшыся пасьля яго ў мора, пераплыў увесь Ля-Манш. А ад слабога грогу захлынешся, як шчанё.
— Пасьля такога грогу, Швэйк, правіць палявую імшу — адна асалода! — разважаў фэльдкурат. — Я мяркую перад імшой сказаць колькі слоў на дарогу. Палявая імша — ня жартачкі. Гэта ня тое, што адчыкрыжыць імшу ў гарні-