зоннай турме ці прачытаць казаньне арыштантам. Палявую імшу правіць абы-як няможна. Паходны складаны ці, як той казаў, кішэнны алтар у нас ёсьць... Езус Марыя! — схапіўся за галаву фэльдкурат. — Авой дурніцы, авой ёлупы! Ці ведаеце вы, дзе схаваў я паходны алтар? У канапе, якую мы прадалі.
— Бяда! — сказаў Швэйк. — Праўда, я з гэтым гандляром старой мэблі знаёмы, але надоечы я сустрэў ягоную дружыну, дык яна мне сказала, што ён сядзіць за крадзеную скрынку, а што канапа наша знаходзіцца ў аднаго настаўніка ў Вршовіцах. Э алтаром значыць, — чыстае гора. Найлепшае, што мы можам зрабіць, гэта дапіць грог і падацца на пошукі, бо без алтара, мабыць, правіць імшу ня надта ёмка.
— Адно паходнага алтара й бракуе, — заклапочана сказаў фэльдкурат. Усё іншае ўжо нарыхтавана на вучэбным пляцы. Цесьляры ўжо зьбілі памост. Дарахранільніцу нам пазычуць у Бржэўнове. Чаша ў мяне павінна быць свая, але дзе яна дзелася?..
Ён задумаўся.
— Ну, хай сабе — я яе загубіў. Дык у такім разе пазычым прызавы кубак у паручніка сем-