Старонка:Швейк 1.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Потым ён апусьціўся на калены і стаў маліцца: Ave, Maria», рагочачы на ўсё горла.

Калі яны суняліся перад ягонай кватэрай, было дужа цяжка выцягнуць яго з фурманкі.

— Мы яшчэ ня прыехалі! гвалтаваў ён. — Ратуйце! Мяне хочуць скрасьці! Мне трэба ехаць далей!

Яго выкалупалі з фурманкі, як смаўжа з яго чарапашкі. З момант здавалася, быццам яго разьдзяруць на кавалкі, бо ён зачапіўся нагамі за сьпінку сядзеньня. Але потым ён гучна зарагатаў, што яму ўдалося іх ашукаць.

Яго перацягнулі па вэстыбюлі і сходах у кватэру і павалілі яго там, як куль, на канапу. Ён заявіў, што плаціць за аўтомобіль ня будзе, бо ня ён яго згадзіў, і больш за чвэртку гадзіны прышлося даводзіць яму, што гэта быў просты рамізьнік.

Але і тут ён ня даў свае згоды і ўсё спрачаўся, што езьдзіць толькі на фіакрах.

— Вы хочаце мяне абдурыць, — гаварыў фэльдкурат, многазначна падміргваючы Швэйку й рамізьніку. — Мы-ж ішлі пеша.

І раптам, у прыпадку шляхетнасьці, ён кінуў рамізьніку свой портманэт.