казаў, што за ботфорты, стэк і кульбаку ён астаўся вінаваты, што колькі год таму ў яго быў трыпер і што яго лячылі марганцава-кіслай сольлю.
— На што-небудзь іншае ня было ні часу, ні сродкаў, — ікаючы, паведаміў ён. — Можа гэта вы ўважаеце за крыўду? Але мяркуйце самі, што я мог зрабіць? Вы ўжо прабачайце. Тэрмосамі, — казаў ён далей, забыўшыся, пра што была вось толькі гутарка, — завуцца судны, у якіх яда ці піцьцё могуць захоўвацца з іхнай першапачатковай тэмпэратурай... А як вы ўважаеце, колега, якая гульня больш справядлівая: жалезка ці дваццаць адно? Як сабе хочаш, а я з табой недзе ўжо сустракаўся! — крыкнуў ён, пнучыся абняць Швэйка ды пацалаваць абсьлюмачанымі вуснамі. — Па мойму, мы разам хадзілі ў школу. Ах ты, добрая твая душа! — мякка гаварыў ён, гладзячы сваю ўласную нагу. — Як ты падрос з тэй пары, як мы ня бачыліся. Але цяпер радасьць нашае сустрэчы прымушае забыцца на ўсе мае пакуты.
У ім адкрылася поэтычная жылка, і ён стаў апяваць зварот шчасьліўцаў да сонечнага сьвятла і палкае каханьне.