— Вось, бяры сабе ўсё. Я магу гэтулькі заплаціць. На адзін крэйцар больш ці менш — мне начхаць.
Правільней было-б сказаць, што яму начхаць на трыццаць шэсьць крэйцараў, бо больш у портманэце і ня было. На шчасьце рамізьнік зрабіў яму строгую ператруску, ня сьціхаючы памінаць пра нейкія аплявухі і поўхі.
— Ну, дык і дай мне аплявуху, — праказаў фэльдкурат. Няўжо-ж ты думаеш, што я ад яе перакулюся? Ды я пяць штук вытрымаю, і ня міргну.
У фэльдкуратавай камізэльцы рамізьнік знайшоў пяцікронавую манету. Ён пайшоў, наракаючы на сваю долю і на фэльдкурата за тое, што той яго затрымаў і ня даў яму як мае быць зарабіць.
Фэльдкурат ледзьве-ледзьве заснуў, бо бесьперастанку строіў нейкія пляны. Ён ладзіўся брацца за самыя рознастайныя рэчы: іграць на роялі, хадзіць у танцклясу і наўчыцца смажыць рыбу.
Потым ён дэкляраваў Швэйку, што ажэніць яго з сваёй сястрой, якой у яго зусім і ня было, і пажадаў, каб Швэйк занёс яго на пасьцель.