агенты дэфэнзывы, бандыты, грабары беларускага руху“ і г. д. і вось цяпер я стаўлю пытаньне таму самаму Тарашкевічу, як аўтару гэтых „твораў“: — ці ён фактычна перакананы, што, напрыклад, я зьяўляюся грабаром беларускага руху, правакатарам ці то агентам дэфэнзывы?
Ці мае Тарашкевіч хоць якія небудзь падставы абвінавачваць мяне ў гэткі спосаб?
Ці вядомы яму элемэнтарныя падставы этыкі і ці ён мае прызвычаеьне кіравацца імі ў жыцьці? Тарашкевічу добра вядома як я цярпліва і стойка адбываў наложаную на мяне кару, ён добра ведае, што каб я быў, напрыклад, правакатарам ці здраднікам, то з першых дзён свайго арышту пастараўся-б зваліць усю віну на таго-ж самага Тарашкевіча, а самому звольніцца з вастрогу. Я гэтага не зрабіў, я сядзеў разам з іншымі і сядзеў куды ў горшых матэрыяльных варунках, чым іншыя. Сям’я мая цярпела нэндзу, бо ня было каму ею заапекавацца і нарэшце выйшаў я з вастрогу апошнім і то, як кажуць, з вялікімі труднасьцямі. Людзі, у якіх грошы адыгрываюць вялікую ролю, маюць звычай мерыць іншых людзей на свой аршын. Так паступіў і Тарашкевіч, калі ў аднэй з сваіх пракламацыяў абвінавачвае мяне ў тым, што я прадаўся.
На гэта адказваць яму ня буду, бо тыя людзі якія знаюць маё прыватнае жыцьцё — могуць толькі пасьмяяцца з „бескарыснага“ Тарашкевіча, які паслугоўваецца падобнага роду аргумэнтацыяй, пазычанаю ім з тых колаў, дзе фактычна ўсё робіцца за даляры і дзе здрада і правакацыя ўжываюцца разам з прадажніцтвам.
Я выхаваны крыху на іншых маральных і палітычных падставах, чым Тарашкевіч і пакідаю яму тыя закіды, якімі ён хацеў-бы ачарніць мяне перад грамадзянствам —Думаю, што яны больш будуць падыходзіць да яго маральнага і палітычнага аблічча.