Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маткі не патуралі іх навінам, прыстрашылі іх матузамі і, самі невясёлыя, маўчалі.

Два дні прагуляў Хомка ў сваёй хаце. Маці спрагла яму яешню, наўмысьля для яго, і Хомцы было надта сорамна, што яму такая чэсьць. Ён падзяліў яешню на сем роўных частак: як сабе, так і бацьком, і меншым браціткам і сястрычкам. Пакаштаваў трошку — і аддаў і сваю частку малой Тацянцы.

Начаваць ён пашоў у сяніцу, на сьвежым сене, пад бацькавым кажухом.

А ўжо з вечара надвор‘е стала хмарыцца; курыў і пыліў дожджык-брызок.

Хомцы ня спалася. Дождж аднастайна, ціха і прыемна, бязупынку шуршэў на страсе, зрэдку пыхала нядужая бліскаўка, і шугаў рабінаю вецер. Вада сьцякала цурочкамі і бурбоніла ў падстаўленую маткаю даёнку. І Хомка слухаў, слухаў, — і думаў.

Ён меўся абмеркаваць усё з усіх бакоў, усё ўцяміць, што і як… І сам ня ведаў: жаль яму, ці не?

І толькі лезьлі ў галаву ўспаміны, як раней здалося-б радасьцю ня весьці ў такую хлюпу гаспадаровых коні на начлег у поле, а ляжаць пад страхою на сухім сянцы, акрыўшыся цёплым кажухом, і пад гоман дажджавых капак думаць, што наша доля яшчэ ня дужа дрэнная.

І вось ён у бацькоў; дзеля яго праглі яешню, як дзеля дарослага і поўнапраўнага; ён слухае сабе спакойна, лежачы ў сухім, як ідзець дождж… Але даўнейшай радасьці і здаваленьня зусім няма.

Ён апранецца ў прыгожую „форму“, штодня, як кажуць, будзе есьці любовае мяса, убачыць вялікія гарады, шмат усякіх паноў з іх штукамі, уба-