Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яшчэ два гады аставалася да Хомчынага году, аж вось адноўчы ўвечары прышоў к гаспадару ўстрывожаны, аж пахудзеўшы бацька і сказаў, што і Хомку запісалі.

Усе людзі наракалі на парадкі ў воласьці: як можна гэтак памыліцца, каб запісаць хлапца раней на два наборы? Усе казалі, каб Юрка сам схадзіў у воласьць.

— Як-жа ж так? Яны самі павінны агледзіцца нашто-ж яны вучоныя? — жаліўся Юрка, цягнуў-цягнуў і-ткі сабраўся неяк схадзіць.

— Усе ведаюць, пане пісар, — з не яго мяккасьцю і ўпросьлівасьцю казаў Юрка, — усе ведаюць, калі радзіўся мой сын Хама…

— Ах, што мне да ўсіх? — адганяўся, як ад мухі, лысы пісар; — ну, дзе-ж ты быў дагэтуль? Памеціў бацюшка пад 1896 годам, дык што я вінават? Трэба-ж было казаць! Во са сьпіскамі ня ўпраўлюся, бадай яно трыкраты сацьмела на чыстым полі…

— Адкасьнецеся вы дзелябога ад мае галавы! Ня лезьце ў канцэлярыю, чакайце ў зборнай! — крычэў ён на ўсіх мужчын і баб разам.

Калі Хомка пакідаў гаспадара, каб дні са два пажыць у бацькі, стары адпускаў яго ня горш, як некалі выпраўляў свайго Петрака. Усё ён нагінаўся к подалу даўгой кашулі абціраць сьлёзы. Даў Хомцы сярэбраны рубель, пацалаваўся і зараз маўкліва паплёўся на гумно трэсьці салому. Безгаловая малеча дапільнавалі дзеда, што ён там няма ведама і з кім брахаўся, крычэў, як баба, біў саху мятлою. Малеча кінулася ад гумна ўцякаць, каб з радасьцю пераказаць у хатах, што дзед, мусіць, зьдзяцініўся. Але