Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Людзей паменшала, дзеўкі пасмутнелі бяз хлопцаў і вясёлых кірмашоў, старыя-ж сталі раздражнёныя і цераз сілу ўзьдзержаныя, як слова перад споведзьдзю ў вялікі пост.

Тужлівасьць і нуда запанавалі ў хатах. Зацяглая і нерашоная вайна, як хмара, павісла кожнаму, і пад яе шэраю заслонаю не хапала даўнейшага сонейка і вясёлых яго кос.

Не давала рады прысіленая пабожнасьць дзядоў і бабулек. У царкве было пуста на мужчынскай правай палавіцы і засмучона на дзявочай левай. Не карціла цяпер і дзеўкам хадзіць сюды: там цяпер кожнае сьвята адпраўлялі малебны за здароўе, а часам, і ўсё часьцей, і панахвіды.

Дзяўчатам прыямней стала хадзіць у воласьць і на пошту, дзе было можна хоць што-небудзь пачуць аб іхніх судольніках даўнейшага жыцьця.

Дзяўчаты мяталіся цяпер з лістамі, як-бы ўсе яны былі пісьменныя… Але што раз, то горшыя прыходзілі навіны: гарадчаніна Хвядоса, што некалі разбурыў торг у Малкі, забіла ля арматы сваім заскепленым пры зараджаньні і тут-жа бухнуўшым набоем; Петраку троху пашчасьціла, бо трапіў у палон здаровы (Аўдулю дражнілі векавухаю); пра многіх-жа хлапцоў ня было ніякіх вестак па цэлых месяцах — мусіць, яны былі ўжо забітыя.

Хомка цяпер рупліва спраўляў усю гаспадарскую работу: за сябе, за Петрака і за старога. Як забралі адзінага сына, стары на ўсё махнуў рукою, ня дбаў аб гаспадарцы і здаўся на батрака. І Хомка чуў на сабе павіннасьць дагледзіць усё чыста, як сваё.