Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шчыўся, даўнымі засохлымі калюгамі; дзе вышэй — парос калматай муравою, дзе ніжэй — шурпатай маці-мачыхай. Спусташыўся і змоўк. Дзень і ночы, узімку і ўлетку, маўкліва-патаённа думае думы, якім борздым лётам ляціць усё ў вечнасьці. Пабіты пярунамі прыдарожныя бярозы. Дагубілі іх сваімі вогнішчамі начлежнікі і пастушкі. Якія-ж неяк яшчэ ацалілі — быццам сіроты маячуць яны, бедныя; старыя, дуплё на дуплі, каржавыя. І яшчэ болей наганяюць пустэльнаму шляху смутных успамінаў; ціхім, роўным векавечным гоманам вецьця свайго яшчэ болей дадаюць тут глухаты, пустэльнасьці і маркоты.

У кутку крутой дугі, якою тут выгнулася Плёска, сьпіць гара, а на гары там — гарадзішча. Нейкія курганкі ці то магілкі; заімшалыя каменныя крыжы, роўнабокія, грубыя, са сьцёртымі ад даўных часоў нейкімі літарамі і ўсякімі зусім незразумелымі насечкамі; яны ўехалі ў зямлю, а вакол іх валяецца пакрышаная цэгла, чырвона-бураватая, старая, чорны аскалёпак дрэва; дзікое сухазельле з былінкамі, у якіх глуха звоніць вецер, — і больш няма нічога.

Ніжэй, на шырокім зялёным сухадоле, ужо ў пазьнейшыя часы паставілі шчыры цёмныя людзі над крыніцаю каплічку. На ільлінскую пятніцу бывае тут адправа. З усяе акругі зьяжджаюцца спаленыя летнім сонейкам сяляне. Увесь лог, з лёгкім і прыемным водырам пакошанай травы і пахам дзёгцю, уся дарога і гарадзішча застаўлены вазамі, конямі і белымі шатрамі, поўны людзкога натаўпу з ягоным вясёлым і гульлівым, а разам-жа і сумным гоманам і шумам. Да трох дзён грымеў тут некалі кірмаш з