Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЦІХІЯ ПЕСЬНІ[1].

…Дзікай травою красуюць палеткі.
Гніюць і правальваюцца стрэхі…


I

З левага боку Няпра, за дзень летняе хады ад яго, абнятае з трох бакоў балотамі ды хмызьнякамі беднай Плёскі, прытулілася тое Асмолава пры вялікім некалі шляху з Вялікага Княства Літоўскага на Масковію.

Мялее і нядужае стары нябога Няпро. І потым-таго выбілася з духу Плёска. Дзе зусім парвалася, усохла, кінуўшы знак калішняй магутнасьці — глыбокі замуравелы равок-рэчышча; дзе расьцяклася далінаю, зрабілася багнам, вязкім і непраходным, зарасла купнікам і вербалозам; троху-троху блішчыць яна абы-дзе рудым, як помаз, іржавеньнем спаміж зялёнай асакі, залатога балотнага казельцу і курасьлепу. На высокіх купінах — багун, мядуніца. Тхне жалезам… У цёмную васеньнюю ноч страшыць Плёска нямою глухатою адзіноту-падарожнага; быццам нешта чорнае з купніку вылязае, стаіць… — так здаецца яму.

Заглушэў зусім вялікі стары шлях. Размыт з бакоў веснавымі ручаямі; пакарабчан, як-бы змор-

  1. Першы раз друкавалася ў перакладзе парасійску ў першамайскім нумары „Изв. Смал. совдепа“ за 1918 г.