Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Па скоках ён сарамліва ёй падзякаваў, а яна шчыра ці няшчыра, але з дзявочай ласкаю прамовіла:

— Як ты добра скачаш… З табою дужа лёгка.

І трошку з ім прашлася. Апынуліся ля будкі з салодкаю вадою. У будцы таргавала якраз Малка. Яна прыглядалася-прыглядалася, але ў такім вялікім і прыбраным хлопцу нізашта-б не пазнала Домнінага Хомачку. Калі-ж ён працягнуў да яе руку і сказаў ёй, недамысьлівай: „Я — Домнін сын“, — Малка паставіла яму і яго дзяўчыне самую вялікую пляшку салодкае вады і два гліняныя кубачкі, хаця другім парам давала толькі па адным, насыпала дзьве шклянкі падсмажаных сланешнікаў, паклала два пернікі (якія тут завуцца папраднікамі) і пахваліла Ганутцы Хомку, нібы нейкага свайго радню. Хомка трошку вагаўся: ці купляць тыя пернікі? — але Ганушка, адчуўшы гэтае ваганьне, так прыхільна сказала дзіцячым поглядам сініх вочак: „Ня трэба, до‘ й бяз іх“, — што яму раптам нязвычайна забажалася канешне ўбачыць пернік на яе чырвоненькіх, мякенькіх вусначках.

Калі-ж яны так сядзелі і частаваліся, падышоў сюды дзед з цэлым бярэмам дудак-пасьвісьцеляй. Дзед перакінуў бярэма на левую руку, узяў адну пару, прадзьмуў іх, абцёр і зайграў свадзебную песьню, каб прывабіць на свой тавар купцоў. Усе — і Хомка, і Ганутка, а навет заклапочаная сваім убогім торгам Малка — з прыемнасьцю слухалі, як ён іграў. Груд моладзі абступаў усё цясьней старога дудачніка, аж вось нейкі паніч, мусіць, паповіч ці малады настаўнік, захацеў выбраць у яго адну пару.