Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Аднак ён меўся ў адзіноце, у нясьмеласьці і яшчэ ў прыкрасьці ад ваганьня: патраціць на сябе гэтыя грошы, якія даў Пятрок, ці не патраціць? Другія хлопцы скакалі да зьнямогі, а Хомка некалькі разоў памыкаўся запрасіць на польку маладзенькую дзяўчынку з Гарадца, просьценка, але міленька ўвабраную і маўклівенькую, але харошую, ды аніяк ня мог насьмеліцца. Калі вялікі груд глядзеньнікаў раптам шухнуў у бок ад азялелых, не глядзеўшых ні на кога й ні на чога каля сябе наўкола, скакуноў, яна мімаволі схапілася за яго руку, каб не заваліцца, і ён, наш бедны, сарамлівы Хомка, асалавеў ад радасьці і сам ня ведаў што залапатаў ёй нешта з буйна затыхаўшым сэрцам.

— Ганутка! — крыкнула ёй яе таварышка з кругу, думаючы, што яны ў пары: — чаму-ж ты з ім ня скачаш? — і засьмяялася.

— Пойдзем, калі хочаш! — коратка кінула яму Ганутка, і не пасьпеў ён абдумацца, як нязнаная сіла скранула яго рукі-ногі і пакруціла яго з ёю ў польцы.

Скакаць Хомка ня дужа ўмеў і скакаць было нязручна: пара налятала на пару, цяснота, а ногі зьбіваліся з тахту, бо кірмашовы гук і галас глушылі музыку… Вялікі пыл абняў тут усё-чыста. Хомка, апрача таго, сароміўся сваіх потных, ажно мокрыя былі, далоняў і ня мог сябе прымусіць, каб не глядзелася няведама куды міма Гануткі, а каб глядзелася троху пад ногі, а троху-ж і на Ганутку. Дык не: на плечка ёй кінуць вокам яшчэ сяк-так мог, а вока ў вока — аніяк! І ня меў ён таго задаваленьня, аб якім так лятуцеў.