Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

й ня дужа прыгожы, а ўсё-ж ткі троху прыгожы. А цяпер-жа так прыбраўся! У Лугвеневе зьбярэцца многа харошых дзяўчат, вясёлых і хораша ўвабраных, — і Хомка будзе любавацца на іх, колькі яму захочацца. І яны будуць з ім, як з роўным. Ніхто не падумае пра яго што благое: гуляе хлопец на кірмашы — ну й гуляе!

— А ведаеш ты што, Пятрок, — кажа ён, калі параўняліся з гаем; — скіну-тка я тут боты… Нагам лягчэй, і боты на карэньні зьбівацца ня будуць… а?

Пятрок усьміхаецца: надта ўжо клапоціцца батрак аб гаспадарскае дабро.

— А як сабе хочаш, — кажа ён.

Пакуль Хомка разуваўся, іх нагналі другія асмолаўскія хлопцы, і са сьмешкамі і жартамі пашлі ўсе гаманлівым і сьмелым грудам.

Няўпрыцям прышлі ў Лугвенева, знашлі знаёмых, і яшчэ знаходзілі з усіх бакоў, і разглядаліся па ўсіх бакох, а глядзелі так, быццам яны зваявалі гэтае мясьцечка або нейкую радасьць прынесьлі яму, што прышлі кірмашаваць…

Хомка тут яшчэ раз паслухаў Петраковыя наказы, як рабіць у магчымай вайне з гарадчанямі, а тады неяк адбіўся і адзін удаўся ў натаўп. Ён ведаў, што Пятрок спачатку будзе шукаць Аўдулю, — а пакуль-то яшчэ знойдзе! — потым з ёю паходзіць, пагуляе і будзе, мусіць, частаваць яе півам, а вайна калі й пачнецца, дык-жа ня зараз. Хомка быў адзін спаміж мноства людзей, і няма ведама чаго — нейкі сум агарнуў яго… І грошы ё ў кішэні, можна купіць салодкае вады і прэжаных сланешнікаў і можна пакатацца на драўляным кані ў крузе пад музыку.