Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гарадцы, а потым у Асмолаве кузьню. Цяпер яны пераехаўшы ў Лугвенева. Маці і Малка гаманілі, казалі адна аднэй бабскім звычаем, пра ўсе свае злыдні, уздыхалі, жаліліся, адылі падатна жартавалі і сьмяяліся самі з сябе. Калі хто бачыў, як сьмяюцца цяжка-хворыя або скачуць сухотнікі, дык гэты сьмех быў тое самае ці нешта надта падобнае. Малка гладзіла шурпатаю рукою Хомку па галоўцы; і хаця было няпрыемна, ён дараваў ёй. А яна чамусьці, відаць, забыўшыся, звала яго ня Хомачкам, а Хвядоськам і пыталася, ці ён яшчэ не забыўся на Іцыка і Ханку, яе дзяцей: бывала, гуляў з імі ў Асмолаве і ня біўся, як другія дзеці, дужа дружыў з Ханкаю, ды неяк аднойчы ўкінуўся з ёю ў глыбокую ямку з вадою, і ўсе тады надта папужаліся — думалі, што яны там зальлюцца. Хомка троху прыпамінаў, але нявыразьліва баўтануў галавою, бо ня меў ахвоты размаўляць і аж дзівіўся, адкуль гэта ў іх, у маці і ў Малкі, бярэцца столькі чаго зюкаць. Ну, пагаманілі-б троху — і даволі, дык яны гамоняць, і гамоняць, і гамоняць… Малка-ж гладзіла яго негенька, як таго Іцыка, і казала вельмі жаласна, што бедненькі Іцык хварэў на шкарлятыну і памёр у яе на руках і на вачох у самога пана доктара Квяткоўскага. А весялей казала, што яе разумную, уф якую разумную, Ханку заможная бабуля ўзяла да сябе ў Смаленске і адукуе там у такой школе, у якой вучацца толькі паненкі, дочкі заможных людзей.

Эх, калі тое што было! Цяпер Хомка — дарослы, і пойдзе на кірмаш як мае быць. Боты, брыль, чорныя штаны і белая вышываная кашуля! А коні папільнуе сёньня гаспадар: дзеля вялікага хлапца, як цяпер Хомка, здаўся стары на такую ласку.