Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гаспадар вышаў за ім сьледам і неўспадзеўкі дапільнаваў там, што Хомка горка плача, схіліўшыся ў куточку на сьцяну. Бачыце, лагодная Хомчына натура, узгадаваная ў старых звычаях, забараняла яму выказаць свой жаль на бацьку пры чужых людзёх, і ён схаваўся краіць сэрца ў пуню. Стары ад такога ўчынку расчуліўся і сказаў Хомцы, што дасьць яму надзець штаны, каб толькі-ж уважаўся, каб не падраў, каб не запэцкаў дзёгцем ці ў зеляніну, лежачы на траве. — „Глядзі-ж, Хомачка, глядзі, шануй іх, бо яны-ж новыя!“ — настаўляў яго стары, калі даваў штаны.

На кірмашох Хомка, блізу таго, ніколі і ня быў. Гаспадаровы дзеці пойдуць, а ён, служка, астаецца пасьвіць коні. Нявыяўна-нявыяўна было толькі яму ў памяці, як вазілі яго хворага ў Лугвенева, у больніцу, калі якраз быў і кірмаш. Ён пралежыў тады цалюткі дзень на сваіх калёсах, сярод голага лесу ўзьнятых і падвязаных аглобляў, мноства коні і кароў, натаўпу людзей. Ён бачыў там чорных цыганоў, крыклівых і газардоўных. Яны таргавалі ў мужыкоў коні і ўсё плёскалі тым мужыком па далонях. Яму тады балела галава, яго дужа нудзіла і не карціла яму, хвораму, браць у рукі паліванага коніка, у зялёныя і жоўтыя шнурочкі, што купіла яму матка. Так і ляжаў прыгожы конік бяз увагі. А гасьцінцы: вялікая цукерка ў залатой з махрамі паперцы, вяселца дробненькіх жоўценькіх бублікаў і кухан, ліпкі ад нечага салодкага і паколенымі згары дзірачкамі, — неспадзявана згубілі тады ўсякую прынаду. Да іхных калёс прыходзіла з маткаю худая і лупавокая Малка, Лейзарава жонка, таго Лейзара, што некалі дзяржаў у