Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ленск, разы два пабыў у Магілеве, а Воршу дык і лічыць яму няма чаго! Пятрок хваліўся, што ехаў у Смаленску на трамваі. На параходзе і то ўжо плыў ён, калі з хлапцамі й дзеўкамі хадзіў маліцца богу ў Бялынавіцкі манастыр. Хомка-ж, блізу роўны яму ў рабоце, нідзе далей Лугвенева і Шчаснага ня быў і сьвету ня бачыў.

А балазе — Пятрок! Ато-ж і сёньня павёў-бы Хомка пасьвіць коні. Ды вось, за колькі дзён да кірмаша Пятрок надумаўся, даклераваў, і надумаўся, пастукаўшы кулаком у грудзі, што зводзіць на кірмаш хоць раз і Хомку. Ужо-ж вялікі, брат ты мой, хлапец! Дзеўкі лупаюць вачыма на яго пушок хоць і пад кругленькім, дзяціным яшчэ носам. Калі няма ім большых хлопцаў, дык лезуць да яго, чапаюцца, жартуюць… А ён — як і ня хлопец; бацька забіраё сабе ўсё, што ён заробіць, а не пашыў яму яшчэ ніводных ботаў, ня справіў сыну аніякіх ні разу ўбораў… Пятрок сказаў, што дасьць Хомцы абуць на кірмаш свае старыя боты, а ў свайго бацькі папросіць яму чорныя штаны і саламяны брыль. Брыля гаспадар не шкадаваў, бо той брыль быў надта стары, запэцканы і ў дзюрках: дастаўся ён гаспадару ад старога дзяка-нябожчыка за нейкія паслугі. Але штаны наробілі нямала клопату. Даў-бы Пятрок свае старыя, дык дужа вялікі на Хомку. А гаспадар упёрся, што ня дасьць сваіх новых штаноў. Зло брала старога, чаму Юрка ня справіць сыну чорных штаноў, бо сын-жа ходзіць па людзёх ня першы год і зарабляе… Чаму-ж ён яму ня справіць хаця з чортавае кожы? Нешта аднаго разу, пасьля спрэчак старога з Петраком усё за гэтыя штаны, Хомка неяк украдня шуснуў за парог і пабег у пуню.