Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нікі, наразаючы сялянам ад паноў зямлю, зрабілі так, каб дзяўчынка мусіла бегчы ўлетку па ваду з свайго жніўнога поля ў чужы калодзеж, бо да свайго дужа далёка.

Яшчэ ідуць з поля нечыя дзеці, хлопчык і дзяўчынка, і нясуць наповірку, на кіі, пустыя абедачнікі-спарышы ў махрастых раскарачах. І сварацца, што заблыталіся недзе ў жыце, забавіліся ў красках на някошаным аборку, а ў іх-жа яшчэ і сьвіньням ня сечана, і цялушку, выходзячы з абедам, забыліся выпусьціць з пунькі на атаву і там на коліку прывязаць, каб ня лезла ў капусту, бо можа паламаць і вывернуць качаны. І пакутуе цялушка ў пуні.

Яшчэ яно быццам да вечару дужа… далёка…

Ды неўзабаве кіне сонейка над лесам чырвоныя заходнія касулі, што з прыгожага, але трывожнага сьвятла. Сплывуцца сьветленькія воблачкі ў бліскуча- хмарныя з краёў грудкі і вялікія сярэбраныя кучы. Асьвеціцца закат ціхім, супакойным, роўным полымем — і лягуць прахалодлівыя сьцені. Звалчэе троху на дарогах пыл… І пасядуць куры на шасты і дошкі пад цёмнаю і цёплаю страхою.

І вось ужо сабака бяжыць з поля, ад жней і ад касцоў; шчэміцца скрозь няшчыльна зачыненыя дзьверы ў хату — хоць-жа да сьвінога цэбра з мешанкаю і малою скарыначкаю хлеба. Эх, не да канца ты поэт, сабака! Падаў цалюткі дзень на палёх, лясох і сенажацях, радуючыся хараству прыроды і сабачага жыцьця. А цяцёр во забыўся ты на ўсё і, падцягнуўшы, як хорт, бруха, шукаеш скарынкі хлеба ў брудным сьвіным цэбры, глыбока макаючы і пэцкаючы разумную сваю морду.