Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яшчэ яны мімаездам напаілі коні ля калодзежа, і ня з жолабу, а з вядра, а што засталося ў вядры, тое вылілі каню, кожны свайму, пад бруха.

Яшчэ той галуза, што ўчапіўся быў за Хомкіны калёсы пад‘яжджаць, сеўшы абенаж на жэрдзь[1], ухапіўшыся за наклеску, каб не зваліцца, і перабіраючы нагамі, быццам едучы, як яму хацелася, на „лі-са-пе-це“, — яшчэ ён, саскочыўшы ад Хомкінай пастрашкі пугаю, сонна пляцецца назад да свае хаты і лукава паглядае скрозь плот у чужы гарод і цераз леску ў чужы сад: ці ё хто ў будцы ці не?

Яшчэ доўга баўтаецца пасьля іх ля калодзежа вага, а дзяўчынка з чужога поля ловіць яе паднятаю вышэй за галаву худзенькаю і цьмянаю ад сонца праваю рукою, а леваю абцірае дзяціны пот з лобу і вачэй, шыбка і хораша нахіляючы русявую галоўку навотмаш, набак. Харошая дзяўчынка! Круглы носік і шэрыя вочкі. І чырвонаю гурынаю вышываны палічкі на кашульцы. Злавіла. Закруціўшы почапку, каб не ўвалілася вядро, глыбока топіць яго з канцом вагі — і цягне сьцюдзёнае-сьцюдзёнае вадзіцы… Прагавіта п‘ець з вядра сама, прыпаўшы к яго крайчыку засьмяглымі вусначкамі і абліваючы няўмысьля саматканую спаднічку, а тады цэдзіць у дубовую круглую бітлажку. Цяжка ёй наліваць… Аблілася дужа! І сарамліва іншы раз азірнецца, ці ня пройдзе міма які хлопец з гэтай чужой вёскі, — быццам таму хлопцу дужа яна ў галаве, такая малеча. Бачыце, міравыя пасярэднікі і старасьвецкія камор-

  1. Ці, як кажуць у іншых мясцовасьцях нашае прасторнае бацькаўшчыны, рубель.