Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

радчане, трапіў Хомка ў глыбокі сумёт, праваліўся — і тоне глыбей, глыбей… А байбус-гарадчанін шпурляець і шпурляець у яго балючымі крамянымі сьнежкамі, няўпрыцям узлаваўшыся ў гульні. — „За што? — са сьлязьмі ад крыўды, глыбокай і што краіць душу, нячутна й самому сабе пытаецца Хомка, — за што?“

Над ім стаіць гаспадар, і грабяльнішча са злою разьюшонасьцю стукнула па разамлелым, зьняможаным прыспаным целе.

— За што?! — выстаўляе рукі спуджаны со-сну Хомка… Усхопліваецца, цяміць…

— Дзядзечка, ня буду! А родненькі, ня буду! Баліць!.. — загаласіў ён, бедны.

— Яшчэ пытаешся, за што! Во я табе спаганю сон! Ах ты, сукін ты сын! Гультай, батрацкая натура! Во я табе, сукін ты сын!..


Эх, не да канца ты поэт, сабака!

І дзень — як дзень… Сьнедалі, тады хадзілі разьбіваць сёнешняе і падварачваць учарашняе сена. Абедалі, тады награблі тры вазы сухога на балоце і пакачалі ў кучкі вык. Вярнуліся, тады Хомка занёс бабам на жніво гляк сьцюдзёнае вады, а гаспадар раскладаў пад асецьцю і падмятаў гумно. Баяліся, каб не нахмарыла, і, схапіўшы па кавалку хлеба і па кусту цыбулі, коні ў аглоблі — і затарарахалі, затарахцелі, закурылі пылам па шляху на поле па снапы.

І дзень — як дзень… Толькі болей пільнуецца Хомачка паказаць рупнасьць сваю ў рабоце, болей дагадзіць, каб забыўся гаспадар на яго сон і што спозьніўся з начлегу.