Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

судніку, туды й назад. Часам другая зычна зазьвініць з радасьці, як той авадзень. Хомачка вярнуўся з начлегу і сьпіць, бо сьвята, не хапацца на работу. Тармасілі яго разы два, што блін гарачы ёсьць, з ячнае мукі (блін ячны — смачны), ды адбіўся, пацмокаў трошку і ўзноў заснуў. І кацянё сьцёплілася ў яго пад бокам. Вось як слаўна! Праўда, зьбіў ён дзяругу з гарохвіны; часам моршчыцца ад сонца, сонны, адхінаецца; раскінуў рукі каросьлівыя, ніколі ўважна не памытыя; нагамі, пстрыкатымі ад цыпак, брыкае скрозьсоньня, бо мухі — ай, што за дакучлівыя мухі! — ліпнуць, аж ў рот і ў нос лезуць… Ды ня ўсё-ж па гору плакаць, ды ня ўсё-ж па ім тужыць! Ёсьць і ў Хомкіным маленстве залаценькія дзянькі; і яму-ж порскалі парасяткі на сонейку на саломцы; і яму-ж галубчыкі вулькалі, а ластаўкі ў сінім, чыстым, цёплым бяздоньні купаліся; цьвіцелі-ж і яму тыя добрыя і простыя макі… Ды еў-жа і ён салодкія яблычкі! Эх-хэ-хэ! дый ня ўсё-ж, ды ня ўсё-ж па тым па гору сумаваць, дый ня ўсё-ж па ім тужыць!

Сьніцца, яму, сьніцца яму…

Цішэй шапочуць лазовыя лісточкі: „Прачніся, прачніся!..“ Няма надзеі: сьпіць хлопчык, як забіты. А пара-б й выспацца!

Аднатонна зьвініць яму над вухам авадзень. Мятлушка з рабенькімі крылцамі снуець над ім свае нявідныя ў паветры ўсновы.

І ўжо сьніцца яму, сьніцца, быццам хлопам валіць сьнег і стогне завіруха. Зіма. Грудам сыпляць па вуліцы хлопчыкі-вучні з торбачкамі на плячох. Гарадчанцы кідаюць сьнежкамі ў асмолаўцаў. Хомка ціха, але ўпарта ваюе за сваіх… Прыціснулі іх га-