Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аб зямлю падбітая кабыла. Выцягнула, як дылда свае нязграбныя ногі. Бяжыць туды, выючы, матка, бягуць на гвалт людзі. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Куламеса і выцьцё! Усе пачуцьці зьліліся адным комам і расьпінаюць кволую Хомачкіну душу: сум і жальба, злосьць і боль, і нейкая глухая пакора паняволенага перад няўхільнасьцю… „Ён думае, калі яму ні ў чым ня ручыць, дык можна кабылу да сьмерці забіваць, можна маму біць“, з надарванасьцю кажа некаму Хомка; ня жаліцца, не, так проста сабе кажа: „на кірмашы ўмаўляла мама, каб ня купляў гэтае кабылы, ня верыў цыгану, няладная кабыла… не паслухаў! Калі-ж ён з цыганом больш уважаецца, як з намі“. І горкае гора, як тая вада праз грэблю, прарвалася і залівае ўсё чыста буйнымі, гаручымі сьлязьмі. І рыгае, і сударжна хліпае: „Забіў кабылу… гы… гу…“.

Ці ня дзіўна вам, што герой наш плача ўва сьне па скалечанай кабыле, а не па маці, жорстка зьняважанай бацькавым біцьцём? А ці ведаеце вы, што мець сваю кабылу — было найсаладзейшаю думачкаю ўсяе сям‘і цераз доўгі час? На тое, каб ужыцьцёвіць гэтую салодкасьць, пашлі недаспаныя раніцы дзяцей, што бегалі ў грыбы, зьбіраючы іх на продаж і рызыкуючы трапіць пад бізун панскага аб‘езчыка. На тое пашла яешанка самага вялікага сьвята, бо дзеля грошы на кабылу яйкі ехалі на Зэлікавым возе ў Воршу ці ў Смаленск. Тэй-жа думкаю палягчалася гарката дзяціных сьлёз і выцьцё і кляцьба маткі, калі Юрка ўпіваўся: слова „кабыла“ спыняла лішнюю чарку ў паветры край самага роту і ставіла яе назад на стол. Дык ці-ж можна раўнаваць з кабылі-