Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

носіць акуляры, і акуляры яго зваліліся з дулькі, і ён, няўзоркі, смокчыць сваю цікавую куплёную піпачку з чырвоным цыбучком і пазірае адтуль, з высакосьці, на бедную пакуль што, ды ўжо вясёлую, харошую вясноўскую відаль палёў, лагоў і лесу. Снудзяць сохі і бароны людзі па ўсіх дварох. І прыкра Хомцы, што бацька яго, мужык няспраўны, у такую пільную часіну, на познай прадвесьні, сабраўся-ткі лён церці, ляпае адзін у лазьні мяліцаю. А нічога! — ня толькі ўсё дрэнна робіць бацька: к вясьне кабылу во купіў, ато каторы год без свайго каня жылі. Ганарыстая купілася кабыла: ня хоча хадзіць на папасе, ліха нясець яе на жыта, — у самахоці адкуль ёй і тая шпаркасьць у бягні бярэцца? Як запрагуць, дык хоць палкаю лупцуй яе — шпарка не бяжыць, а тут во ляціць і ляціць на жыта. Разоў колькі бегаў бацька з лазьні зганяць яе са шкоды. „Вось, мусіць, злуецца“, разважае Хомка: „Пасабіў-бы яму пасьвіць кабылу, ды гаспадарская работа не дазваляе батраку“. Ішоў нехта міма, па шляху ля жыта, закрычэў: „Юркава кабыла ізноў у жыце! Абы забагацеў на каня, дык і пачаў чужы хлеб травіць“. Лягчэй Юрцы скрозь цэлы дзень разу хлеба ня ўкусіць, як пачуць такое ад каго. Кінуў вобзем раскірэку-мяліцу, рынуўся кабылу лавіць. Але-ткі забрытаў, сьціснуў ёй храпы нахрапнікам і прывязаў за повад да разложыстае вербы. Выкрышыў у плоце падгнілы зьнізу, але здаравенны кол, сьцяў аберуч і ну бастоліць дурнаватую жываціну. Заб‘ець! Авохці! Дадушы, заб‘ець! Дрыжыць усё ў Хомцы, як струна. Штосьці во-во парвецца… І вурзнулася