Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ным калецтвам матчыны сьлёзы і матчына выцьцё пад бацькавымі кулакамі — такія звычайныя зьявы ў штодзенным асмолаўскім жыцьці? Ці-ж ня сын свайго бацькі, ці-ж ня сын свае маці герой наш, калі найгарчэй плача ён ува сьне па сваёй скалечанай кабыле?

Шумацяць над яго ўпоенай сонам дробненькай постацьцю лозы і веюць трывогу: „Прачніся!“ — „Прачніся, — шапочуць яму лісточкі: — сонейка высока-высока, гаспадыня клянець цябе на чым сьвет стаіць, а гаспадар, ня відзячы й ня чуючы батрачка са сьнеданьнем, варочаецца з сенажаці з касою і граблямі на плячы і клянецца выбіць з цябе тваё батрацкае гультайства і нядбальства“.

— Прачніся, прачніся, Хомачка: гаспадар блізка, — шапоча яму і ляшчына, цікуючы, што з гэтага ўсяго будзе. — Я хацеў-бы прахапіцца, я хацеў-бы стурыць гнядога з патравы і бегчы дамоў, але цела маё ня слухае мяне; яно разморана, яно прыкута нечым да зямлі…

Сьніцца яму цёплая раніца ўлетку, але ня будні, а сьвята… Такая-ж цёплая, чыстая раніца! На падворку, дзе сонейка цалуецца з залатою саломкаю, порскаюць парасяткі рабенькія і чарнюсенькія, бы жучкі, і пярэсьценькія ды аржава-рудзенькія — усе з гладзенькай шэрстачкаю, з маленькімі, дзяцінымі чысьценькімі лычыкамі. Жартуюць, клычуць саломку. Піскнуць, брыкнуць, схопяць жменьку ў зубы і ківіль-ківіль! ува ўсе бакі, круць-круць! дробненькімі закруцістымі хвосьцікамі. Рохкае матка іхная ў сьвінарцы, каб ішлі туды, дзе яна, а ім хочацца гуляць на сонейку. — „Вуль-вуль-вуль…“ — чуецца пад страхою пры-