Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выйсьці з-пад полу на волю). Жах абуяў хлопчыка, і ён валіцца наскрозьдоньня, глыбей, глыбей… Высака, хто ведае дзе, крычаць бабы: „Хомка! Хомка!..“

Крычаць бабы наяве:

— Хомка! Хомка! Шпак дурны! Коні ў панскі лог ускочаць, — забрытаюць лясьнікі! Дзе ты праваліўся, Хомка? Ага-ту! Ага-ту! Сьпіш пад кустом, абуза, і ня бачыш! — крычаць на полі жнеі.

— Прачніся, а прачніся! шапочуць яму кусточкі лазовыя. — Табе сьніцца твая дзяціная пара, але не тады — цяпер крычаць бабы, каб ішоў ты зганяць коні. Прачніся! Агу, будзе бяда!

Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. І няма ніякае магі парваць хваравіты ланцуг сьненьняў — і трывожных, і тамуючых, і супакойных…

…Вясна. Парыцца зямелька. Буры лес пукацца пачаў і ўжо ўкрываецца руньню ліпкіх лісточкаў. І поўныя вадою аборачкі разьліліся. Па вадзе шалёпаюць басанож малыя дуронікі, закасаўшы нагавіцы, задраўшы кашулі.

Цягаюць бабы па вадзе шэра-белыя суровыя палотны, па першых стужачках сёлетняй травы; гулка хлэпаюць пранікамі, галошачы воддаль вясёлым гоманам. Настаўнік, ужо трэці ў Асмолаве на Хомкіным веку, сын Лугвенеўскага царкоўнага старасты, узглабаўся на высокую дульку, поверх новай жоўта-саламянай школьнай страхі, абразаць пілкай-аднаручкай глухое гальлё. Настаўнік гэты, кажуць, добры, але Хомка ўжо ня ўчыўся болей, як яго сюды прыслалі. Настаўнік добры і добра адукаваны: скончыў настаўніцкую школу. Адна ў яго загана: страшэнны п‘яніца. Ён