Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

столу і ўзяць кніжку ў самыя рукі. Але нешта прыкавала яго: чуецца адзаду нейкае патаёмнае хрупаньне… (А гэта авечка, узятая акаціўшыся з сьцюзёнае пуні ў цёплую хату, хрупае сянцо пад палом). Дзеці поўзаюць рачыкам, равуць: „Ай, воўк! Ай, воўк! Зьем! Зьем!“ Потым едуць конна — той на тым… І ўрэшце спраўляюць такі вархал і гармідар, што трэба супакайваць іх спачатку крыкам, а потым матузом ад хвартука. Ціхае сумаваньне ахапіла хлопчыка: чаму няможна падыйсьці і ўзяць у самыя рукі кніжку? У іх у хаце няма ніводнай кніжкі, а шматок газэціны, што прывязьлі з сольлю з Лугвенева, бацька разгладзіў, добранька злажыў і схаваў сабе курыць. Нельга паглядзець кніжкі: Лявонька злуецца — і не дазволіць. І гэты патаёмны хрупат аддзаду страшыць… У задуме глядзіць Хомка на галузваньне і дуронства малых, і, калі іх пачынаюць біць за тое, што адураюць галаву, ён палахліва прыліпае ў куточку і жаласна самотнічае ў ім. Дзівуецца адтуль, што навакол ад сьвятла лямпы — зялёны персьцень, і ўва ўсе бакі — залатыя касулькі. Прыплюшчыць адно вока — касьнічкі растуць, бягуць далей, як жывыя. Чаму яно так? Ну чаму? Няма адгадкі, чаму… І яшчэ гэты патаёмны хрупат адзаду… І вось яшчэ: чорныя сьцені скачуць па сьценах і кутох — як бы й людзі, толькі нямыя, хоць і рухавыя, — яму страшна, ён палохаецца, але ніхто не спагадаець яму. А сьцені як слова, спуджаныя нейкім зданьнём, усё бегаюць і ківаюцца… І раптам скончылася патаёмнае хрустаньне, страшная чорная морда з агнявымі, кацінымі вочкамі зірнула з-пад полу… (А гэта авечцы дакучыла там і захацелася