Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Подаўна час маленькаму канюшку прахапіцца ад смачнага сону і бегчы дахаты, несьці адтуль сьнеданьне касцом на сенажаць. Подаўна час яму прачнуцца і вылезьці з-пад куста: гняды конь узьбіўся на чужую пожню і выскуб тымчасам ужо добры лапік.

Нейкая няўцямная сонная трывога сьціскае сэрца, і няма сілы ачуняць. Сьненьні, поўныя бясконцага змаганьня, надзей і перашкод паглынулі ўсю ўвагу, скавалі розум…

Сьніцца яму…

Калядныя сьвяткі. Вечар. На вокнах — маты, а за імі, за сьцяною, на вуліцы і на падворку — сьнег, лютая сьцюжа, дробная мяцеліца і цёмна, цёмна. Вось-то самая ваўчыная пара ў пахаваных сьнегавою дзяругаю, мутных і нямых, страшэнна-пустых палёх.

Прытульненька, хаця і скупавата, слабенька даець на сьвяточную хату сьвятло падвешаная на шосьціку лямпачка. На палу паселі бабы і гамоняць аб драбніцах жыцьця свайго.

Там і Хомкіна маці. Хомачка цярэбіць у бабках шабадраную, з аблезлымі штучнымі баранькамі, шапку; пераступаючы растаптанікамі па масту, горнецца да матчынай спадніцы і пільнуе хвартука. Ён узіраецца на Лявоньку, што сядзіць за сталом і чытае кніжку, прыхінўўшы яе стаяком да вялікай булкі хлеба пад абрусом. Чытаньнік нездаволена ўзнімае галаву на асяродак хаты, а дзе з кійкамі і косткамі (ад сьвяточнага абеду) гуляюць дзеці. Дзеці тлумяць галаву, але не падходзяць блізка да чытаньніка, — хай сабе ён чытае свае кніжкі і ня злуецца на іх. Хомачцы страшэнна карціць падыйсьці да