Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

думаць, што там, на ўзгорачку, на пясочку, ёсьць і рэдзенькае, жыдзенькае, дробненькае жытца з малюсенькімі каласінкамі. Сумна там… Затое-ж тут, дзе яно буйнае, дзе яно густае, — надта-хораша! Дзятліна зелянее патройнымі лісьцінкамі. Клякоча скакунец- каваль. Гудам гудзіць сіня-пазалачваная муха. Трапыхаецца і снуець туды-сюды над жытам жоўценькая мятлушка.

О, змыслы нашага сялянскага жыцьця! Уцеха і радасьць, і хараство!

Во і лес. Сьцень і халадок. Рэдкія ў вышыні птушыныя галасы. Гушчарнік. Там пасуцца коні. Хлопчыкі пяюць, галосяць на ўсякія лады, як толькі іх сіла. Песьні бяз краю, без пачатку, без аддыхі. Хто — жалобную, хто — хаця ў скокі пусьціся, а нехта, з нахілам да няведамай яму навукі філёлёгіі і бывалы ў царкве, цярпліва прабуе і так і сяк, як праўдзівей і харашэй, — ён соткі раз пяець розна: „Госпадзі па-мі-луй! памілай! памілый! памілой!“ — Усяк выходзіць на яго погляд ладна.

А нечыя жнеі прышлі ўжо на пастаць — пад самы лес. Лётаюць па-над жытнім морам каласяныя жмені і хаваюцца ў ім. Уздоймецца галава ў белай намётцы, блісьне на плячы гібінка сярпа, тонкія рукі круцяць вязьмо. І зрок задумана стаіць на дальнім ускраі паласы-шнурочка… „Відзіць маё вочка, што край не далёчка! Відзіць-жа і другое, што йшчэ ганей двое!..“ Схавалася белая намётка, — узьмятнулася чырвоная хустачка дзяўчыны… І дзьве жмені, гнуткія, шумацяць, мятаюцца і мятаюцца.

Вуха з радасьцю ловіць аднастайную музыку-іграньне сярпоў: хруп! хруп! хруп! І шамае жыта…