Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мужыкі ведалі, што настаўнік-жа павінен выбіваць з вучняў простую мову і ўсё дурное, — на тое-ж ён і настаўнік. І толькі дзядзька Тамаш, стоячы збоку, пыхкаючы сваю ўбогую піпку і раз-па-разу плюючы, толькі ён адзін першы здагадаўся сказаць — ці-то пра настаўніка, ці-то пра яго навуку: „Ат! Ня дай бог сьвіньні рог, а мужыку панства“. І хоць за ім першым і другія сталі наракаць на унтэр-афіцэра за яго „сьвецкі форс“ і „дужа ўжо панскую мову“, але толькі Тамашовы дзядзькіны словы мёдам ляглі на сэрцы ў Хомкі. Настаўнік і ня любіў Хомку за тое, што Хомка ніякім чынам не хацеў прызнаваць ні таго форсу, ні тае далікатнасьці ў размове — быў самы мужыцкі паростак з самага дурнога мужыцкага карэньня. А Хомка ня любіў унтэр-афіцэра за яго бліскучыя боты, за яго чырвоныя наплечнікі і жоўтыя гузікі на чорным мундзіры, за яго панскае ламаньне языка — і чырванеў, калі мусіў казаць, як і настаўнік, „как“, а ня „як“…

На тым грунце і адбыўся бунт, пасьля якога пагінула бірка.

Пачалося з драбніцы.

— Да сьвіданьня! — казалі вучні, ідучы дамоў. І ў сваім рухавым груду жартавалі: „Да сьвістаньня! Да сьняданьня!“

Таго дуронства унтэр-афіцэр ня чуў. Але Хомка ці-то жартам, ці-то здуру бракнуў, троху астаўшыся пад самым настаўніцкім носам:

— Да сьняданьня, гаспадзін вучыцель!

— Застанешся да цёмнага! — схапіў яго настаўнік; — бяры бірку!