Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта дзеля таго, каб аддаць бірку на канец заняткаў самаму заядламу „пану“, каб настаўнік пакінуў яго з біркаю сядзець у школе да цёмнага.

І хто-б мог разьлічаць, што бірка згіне так-жа неўспадзеўкі, як і звалілася на бедныя дзяціныя вучнёўскія галовы; што канец яе будзе няслаўны, а для настаўніка нават дужа прыкры?..

Найбольш цярпеў ад біркі Хомка Шпак. Выпадалі такія дні, калі бірка ня выходзіла ў яго з рук. Хомка зрабіўся папіхачо́м нават першагоднікаў, асабліва тых, чые бацькі пабывалі ў сьвеце, а гэта значыць — самых свавольных і зласьлівых дзетак. Нават справядлівы Лявонька колькі разоў усунуў Хомцы дзеля сьмеху праклятую бірку, пакуль не пераверыўся, што сьмеху ў гэтай справе мала, бо Хомка горка-горка плакаў, што ўжо і Лявонька яго пакрыўдзіў. Што-ж! ня кожнаму так, як Лявоньцы, могуць прывазіць з кірмашу кніжачкі з размалёванымі дужа прыгожа, у розныя колеры, вокладкамі.

Вучнёўскі натаўп разумець гэтага не хацеў і сваім рогатам патураў настаўнікавай выдумцы, калі бедны Хомка стаяў ля печы на каленях з біркаю ў руках, як пабожны пан у касьцеле з сьвечкаю. Хомка быў адзін з сваім горам, і сэрца яго краілася ад крыўды й жалю. Бацька ў хаце — і той крычэў на яго, што дрэнна вучыцца… Каб яны самі ведалі, каб яны самі спрабавалі, як гэта лёгка наўчыцца гаварыць папанску! Толькі адзін абраз, не спачуваючы, не, але разумны, стаяў уваччу Хомцы ў часе яго пакут. Гэта быў абраз старога дзядзькі Тамаша, які на зборках зазвычай маўчаў, але меў сваю асобную ад усіхнае думку, калючую і дасьціпную. Усе