Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ах ты, дура паласатая! — сказаў на яе настаўнік.

— Слухайце-ж далей, дуб‘ё! — ізноў зьвярнуўся ён да ўсіх дзяцей. — Вось вам будзе добрая цацка! — і пакруціў бірачку ў руках з усіх бакоў. — Пакуль што я вызначыў тут дванаццаць самых нягодных вашых слоў. Хто першы скажа ў клясе адно з гэтых слоў, таму даю бірку. Калі ён пачуе, што нехта яшчэ скажа якое-небудзь дрэннае слова, няхай таму аддасьць бірку. У каго бірка застанецца к абеду, той будзе пакінуты без абеду; у каго застанецца к канцу дня, таго я пакіну сядзець у клясе да позьняга вечара. Зразумелі?

— Зразумелі! — вясёла адказалі бойкія хлопчыкі.

— Ну дык добра. Цяпер наўчэцеся тых слоў, якіх трэба высьцерагацца. Для ўсіх аддзяленьняў тры словы: як, дык, хай. Скажэне ўсе па колькі разоў гэтыя словы. Ну!

— Як, дык, хай! Як, дык, хай! — зашумелі зацікаўленыя вучні і некаторыя нават сьмяяліся ад такое пацешнае забавы. — Як, дык, хай, якдыкхай, якдыкхай, якдыкхай!.. — усё шпарчэй і галасьней чулася ў клясе. Адны хыкалі, быццам кашляе авечка: дыкх, дыкх, дыкх!.. Другія гаўкалі, як ганчакі ў лесе: яўк, яўк, яўк!.. Трэція разагналіся на ўсю сілу, як тыя колы пад вагонамі на ўсёй хадзе цягніку: дыкхта, дыккта, дыкхта!..

Настаўнік пагульваў сярод клясы з прыемнасьцю і ледзьва хаваў сьмех. І хлопцы раздурэліся.

— Зьмірна-а-а!

— Усе змоўклі.