Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і проці іх напісаў дванаццаць самых нялюбых яму слоў: „як, дык, хай, ці, ё, няма, трэба, добра, сяньня, учора, дабрыдзень, казаў“.

Ураньні на другі дзень, як пачалі прыходзіць вучні, настаўнік стаяў ля дзьвярэй і чакаў.

— Дабрыдзень! — сказала акуратная лясьнікова дачушка, беленькая-беленькая дзяўчынка, вучаніца з трэцяга аддзяленьня.

Настаўнік нічога не адказаў і прапусьціў яе міма з пахаваным сьмехам.

Калі ўсе дзеці сабраліся, калі дзяжурны прачытаў „цару нябесны“, і ў клясе зрабілася ціха, настаўнік вышаў на самы пасяродак хаты, падняў бірку і сказаў гэткую прамову:

— Слухайце, дуб‘ё! Як я ні ўчу вас гаварыць правільна і чыста, вы ўсё якаеце і дыкаеце. Во, прыкладам, Маша лясьнікова… Бацька яе пры панох часта бывае, у сьвеце быў, гаворыць нішто сабе, і сам прасіў, каб я Машу наўчыў-ткі гаварыць чыста. А тымчасам яна сяньня прышла і бухнула мне „дабрыдзень“. Як трэба? — грозна падступіў ён да зьбялелай ад страху лясьнікоўначкі.

Тая маўчала.

— Ну?!

У яе накруціліся сьлёзы, яна ўтупіла вочы. Уся кляса яшчэ болей сьціхла:

— Ну?!

— Мама папростаму гаворыць… — прашаптала Маша і заплакала. Яна баялася, што за яе няўмельства гаварыць папанску настаўнік не дапусьціць яе да акзамінаў.