Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Эх ты, брат, труса гоняеш… ня бойся, ня б‘ю! — жартліва кажа яму рэвізор. — Ну-тка, этава да, што ты там чытаеш? — б, л, а — бла? Ну, прачытай-жа мне, мой друг, б-л-а — бла!

Яго друг нявыразьліва шэпча заўчонае „на зубок“ бла, вла, гла, ускабіўшы нявідушчыя тымчасам вочы ў бязьмерныя прасторы разгорнутае кніжкі, а дробныя капачкі лоту ўсё гусьцеюць на яго пабялеўшым носе?

— Ну-тка, у раздроб чытай! Ну, ну! Чаго-ж маўчыш? Ня бойся, ня б‘ю, ну вот што гэта за буква за такая, этава да, ну?

А хто-ж яе ведае, што гэта за буквіна. Хомцы здаецца, што такой ён і ў вочы ніколі ня бачыў. Хомка з вялікім жахам праконваецца, што на тэй старонцы ў кнізе, якую ён можа без запіні адцерабіць напамяць, якую-ж ён неяк даўней чытаў, якую заўчыў ад таварышаў, што цяпер на тэй старонцы ўраздроб ён ні славечка не прачытае… Як гэта сталася, чаму так вышла, ён сам не разумее, і страх яму вялікі. І забіце яго цяпер, — ён ня вымавіць ні слова, будзе маўчаць і дрыжэць у пакорным, няўхільным, нямінушчым страсе.

— Што-ж гэта такое? — з дакораю зьвяртаецца начальства да настаўніка. — Гм, што-ж гэта такое?

І ізноў прыступае да Хомкі, чэпіцца да яго, як смала, бярэць яго на мукі:

— Як тваё, братуля, імя?

— Хомка! Хомка! — падказвае нехта, шэпча, але ў Хомкі рот запячатаўся нясходанай нямотаю.

— Хомка ён! — раптам і бойка гаворыць адзін хлопчык, павесялеўшы, і бегае сваімі сьмяшлівымі вочкамі-бакулкамі.