Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ідзі-ка стань на калені! — ласкава кажа гэтаму хлопчыку благачынны, і настаўнік паслушна памагае пакаранаму вылезьці з-за парты і хутчэй споўніць загад.

— Ну, то як тваё, братуля, імя? — яшчэ раз пытаецца благачынны ў Хомкі, але ўсё роўна адказу як няма, дык і няма.

— Ну, кажы мне, Фама, „Царю нябесный“!

Маўчыць Фама…

— Охо-хо-о! — уздыхае бацюшка. — Слухай, я табе прачытаю, — і кажа ўсю малітву ад пачатку да канца. — Ну, а цяпер ты, Фама!

Не, маўчыць Фама!

— І маліцца ты ня ўмееш, і чытаць ты ня ўмееш, і скворчыка ты ня бачыў… Скверно, брат, скверно!

— Пра скварца чытаюць у трэцім аддзяленьні, ваша высокапрападобія! — адважваецца сказаць настаўнік.

— Нет, брат, скверно! — кажа яму ўзлаваны благачынны, а тады пытаецца ў Хомкі:

— А што такое шпак?

— Птушка… — ціха шэпча Хомка і весялее, і ўжо апынуўся думкаю ў цянёвым лесе, а дзе ўлетку шныхараць у ляшчынавым гушчарніку шпакі і дразды.

І ўжо ізноў ня чуе, што ў яго яшчэ пытаецца і што яму яшчэ тлумачыць страшны рэвізор.

— Ведай-жа, браце, што скварец павашаму, папростаму і завецца шпак… Гэта і ёсьць, той самы шпачына, — чуе толькі нарэшце Хомка, бо ацец благачынны зьлёганька пстрыкаець яму пры гэтых словах па носе. — Эх, і сам ты добры шпак! — кажа ён на Хомку і адступаецца да другіх вучняў.